Меры бяспекі і правілы паводзін на лёдзе

25.01.2023

Пра што неабходна падумаць, перш чым выходзіць на лёд?

Няўстойлівае надвор'е, якое суправаджаецца то моцнымі маразамі, то вясновай адлігай, натуральна, уплывае і на таўшчыню лёду на вадаёмах. Аднак аматары зімовай рыбалкі, а таксама іншыя экстрэмалы, якія шукаюць іншых забаў на неакрэплым ледзяным покрыве, не звяртаюць увагу на прагноз сіноптыкаў і быццам не адчуваюць плюсавой тэмпературы... А потым, калі ўжо праваліліся пад лёд, з усіх сіл, што ў іх яшчэ засталіся, просяць навакольных і ратавальнікаў аб дапамозе, вінавацяць сябе ў неабачлівасці і, прабачце, дурасці.

Гісторыі са шчаслівым канцом і не вельмі...

Першыя ахвяры неакрэплага лёду ў гэтым сезоне былі зафіксаваны вельмі рана. Не паспеў выпасці першы снег і толькі пачало падмарожваць (а было гэта, нагадаю, яшчэ ў лістападзе), як рыбакі, відаць, моцна захацелі рыбы або не хапала ім адрэналіну. Бо як яшчэ патлумачыць прычыну таго, што трое дарослых мужчын накіраваліся на вадаём каля аграгарадка Дворышча, што ў Дзяржынскім раёне, які ледзь-ледзь пакрыўся лёдам?! На працягу двух дзён ратавальнікі шукалі аматараў рыбнай лоўлі пад вадой. Знайшлі. Дапамагчы, зразумела, нікому з іх ужо не паспелі...

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пачынаючы з лістапада, на вадаёмах па ўсёй краіне патанула каля 20 чалавек. Сярод ахвяр, на жаль, ёсць і дзіця. Трагічны выпадак з гібеллю непаўналетняга здарыўся ў Мінску акурат напярэдадні святкавання Новага года. 31 снежня двое падлеткаў праваліліся пад лёд на Сляпянскай воднай сістэме. За дзесяць метраў ад берага ратавальнікі пры дапамозе супрацоўнікаў патрульна-паставой службы РУУС выцягнулі з палонкі аднаго з хлопцаў, які абышоўся толькі пераахаладжэннем і моцным спалохам. Другога падлетка дасталі з вады без прытомнасці. Медыкі вярнулі яго да жыцця. Дзяцей шпіталізавалі. Як потым стала вядома, аднаго з іх, 17-гадовага хлопца, выратаваць не ўдалося...

Такі ж лёс напаткаў і аднаго з рыбакоў, якія 3 студзеня лавілі рыбу на Дуброўскім вадасховішчы ў Смалявіцкім раёне. Мужчыны былі занятыя любімай справай, як нечакана трэснуў лёд — абодва апынуліся ў вадзе. Да прыбыцця супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзін з іх быў выратаваны неабыякавымі грамадзянамі. Другога рыбака выцягнуць на бераг не ўдалося — на момант прыбыцця ратавальнікаў ён ужо знаходзіўся без прыкмет жыцця.

На рыбалку на раку Лоша, якая знаходзіцца ў аграгарадку Гервяты Астравецкага рана, 3 студзеня накіраваліся яшчэ двое мужчын. Рыбачылі на лодцы. Па неасцярожнасці яна перавярнулася. Адзін з пацярпелых выбраўся на бераг самастойна. Другі патануў.

 

Дапамога ратавальнікаў у той жа дзень спатрэбілася рыбаку ў Салігорску, які праваліўся пад лёд на мясцовым вадасховішчы. Мужчыну пашанцавала, што побач дзяжурылі супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах, якія аператыўна выклікалі на месца здарэння МНС.

Як расказаў адзін з ратавальнікаў Ілья Пархімовіч, калі яны прыбылі да месца выкліку, адзін з супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах накіроўваўся да пацярпелага, другі яго страхаваў. «Чалавек знаходзіўся ў вадзе на адлегласці прыкладна каля ста метраў ад берага, — удакладніў супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. — Лёд быў вельмі далікатным і абломваўся. Мы страхавалі калег на беразе, супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах змаглі выцягнуць рыбака. Мужчына знаходзіўся без ратавальнай камізэлькі. Да месца здарэння блізка пад'ехаць было немагчыма, таму разам мы аднеслі выратаванага ў машыну хуткай дапамогі».

Усяго з канца лістапада выратаваны жыцці больш як 20 чалавек, у тым ліку аднаго дзіцяці.

Як вызначыць трываласць лёду?

Аднак, выходзячы на лёд, спадзявацца ў непрадбачанай сітуацыі на ратавальнікаў, міліцыянераў або выпадковых прахожых аматарам зімовай рыбалкі і іншым экстрэмалам не варта. Па-першае, нярэдкія выпадкі, калі сведак надзвычайнага здарэння ўвогуле няма. Рыбакі любяць выбіраць аддаленыя ад населеных пунктаў вадаёмы, пры гэтым незаўсёды папярэджваюць блізкіх, куды яны накіроўваюцца. Па-другое, калі пацярпеламу пашчасціла самастойна выбрацца з палонкі або яму дапамаглі, у моцны мароз нават непрацяглае знаходжанне на вуліцы пагражае сумнымі наступствамі. У залежнасці ад тэмпературы чалавеку дастаткова правесці ў вадзе ад 5 да 15 хвілін, каб наступіў лятальны сыход. У выпадку з дзецьмі спатрэбіцца яшчэ менш часу...

— Пасля таго, як чалавека дасталі з вады, неабходна выклікаць хуткую дапамогу, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Пацярпелага трэба перамясціць у найбліжэйшае цёплае памяшканне. Калі побач такога няма, падыдзе аўтамабіль. Затым трэба зняць з пацярпелага мокрае адзенне, сагрэць з дапамогай коўдры, забяспечыць цёплым піццём. Абавязкова дачакацца прыбыцця медыкаў.

Ратавальнікі звяртаюць увагу: пры нулявой, а тым больш плюсавай, тэмпературы паветра, якая захоўваецца на працягу трох сутак, трываласць лёду змяншаецца на 25 %. Адносна бяспечнай лічыцца таўшчыня не менш за 7—10 сантыметраў. Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва. Найбольш моцны лёд мае празрысты сіні колер, слабы — непразрысты белы, далікатны — серы і серы «ў крапінку». Правяраць лёд на трываласць неабходна не толькі візуальна. Трэба пастукаць па лёдзе звычайнай палкай (не нагой!). Калі ў выніку вашых дзеянняў з'явілася вада, то на такі лёд ступаць не варта. Ніколі не будзе моцным лёд каля вусця рэк і прытокаў, паблізу ключоў, якія б'юць, і стокавых вод. Нетрывалы ён і каля дрэў, кустоў і чароту. Катэгарычна забараняецца выходзіць на лёд у перыяды яго замярзання і раставання!

Ратавальная камізэлька як шанц на другое жыццё

Чалавек, які збіраецца выйсці на лёд, павінен быць падрыхтаваным да ўсяго. Недарэмна ў народзе кажуць: выратаванне тапельца — справа рук самога тапельца. Правільная экіпіроўка захавала жыццё ні аднаму аматару зімовай рыбалкі.

Пры выхадзе на лёд рэкамендуецца ўзяць з сабой хаця б мінімальны набор ратавальных сродкаў: вяроўку, палку, дошку. Не варта свідраваць некалькі лунак побач, збараняецца збірацца на лёдзе вялікімі групамі. Лепш за ўсё рыбачыць у тых месцах, дзе ёсць станцыі Таварыства ратавання на водах — там заўсёды дзяжураць ратавальнікі. У небяспечнай сітуацыі яны абавязкова прыйдуць на дапамогу.

І галоўны атрыбут, якім ні ў якім разе нельга грэбаваць нікому, хто выходзіць на лёд, якім бы ён моцным на першы погляд не быў, — ратавальная камізэлька.

— Шанц выжыць пры наяўнасці камізэлькі самы высокі, — акцэнтуе ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Па-першае, чалавек не пойдзе пад ваду. Гэта крытычна важна з улікам таго, што ў адзенні трымацца на плаву вельмі складана і энергазатратна. Па-другое, наяўнасць камізэлькі аказвае своеасаблівую псіхалагічную падтрымку. Калі чалавек праваліўся пад лёд, то разуменне, што на ім выратавальная камізэлька, дапаможа яму не панікаваць. Гэта таксама надасць упэўненасці ў сабе, ён будзе больш рацыянальны, зможа цвяроза думаць, паклікаць дапамогу і прыняць правільныя рашэнні па самавыратаванні. І, вядома, дапамогу тапельцу ў камізэльцы аказаць значна прасцей не толькі ратавальнікам, але і насельніцтву. Чалавеку могуць працягнуць якую-небудзь вяроўку ці палку, каб ён за іх ухапіўся.

Супрацоўнікі МНС сцвярджаюць: калі хаця б у кожнага другога рыбака была ратавальная камізэлька, то ахвяр было б значна менш. А калі плюс да ўсяго будзе яшчэ і «галава на плячах», то трагедый на вадзе ўвогуле можна пазбегнуць.

Што рабіць, калі вы праваліліся:

Не панікаваць! Выратаванне на 90 % залежыць ад упэўненасці і псіхалагічнага стану пацярпелага. Калі паблізу ёсць людзі — клічце на дапамогу.

Імкніцеся не сыходзіць пад ваду з галавой.

Перасоўвайцеся да таго краю палонкі, адкуль ідзе цячэнне. Дабраўшыся, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбрацца на лёд. Нават калі лёд абломваецца, не пакідайце спроб выбрацца наверх.

Калі асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адпаўзіце ці адкаціцеся далей ад палонкі. Павольна і асцярожна паўзіце да бяспечнага месца, вяртайцеся па сваіх слядах.

Выбраўшыся на сушу, зніміце і адцісніце мокрае адзенне. Рухайцеся і рабіце сілавыя практыкаванні, развядзіце вогнішча. Выклікайце хуткую дапамогу.

     Міністэрстэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь